Бесплатные онлайн-вебинары для учителей
интересно • быстро • выдача свидетельств
Выбрать тему
авторские видеоуроки, видеоуроки по русскому, математике и другим предметам.

более 1000 отборных презентаций, планов и материалов к уроку.

Дыктанты па беларускай мове: складаныя сказы



Парады грыбнікам

Грыбы лепш за ўсё збіраць зранку: вільготная шапачка зіхаціць на сонцы і добра відаць нават здалёк.

У незнаёмым лесе вельмі лёгка заблудзіцца, таму важна ведаць лясныя арыенціры і ўмела імі карыстацца. Азірайцеся зрэдку назад, прыкмячайце асаблівасці - (:) ручай, вялікі кáмень, выварацень. Заблудзіцеся - па гэтых прыкметах зможаце знайсці дарогу. Без компаса можна вызначыць, дзе поўнач ці поўдзень: у сасны з боку поўначы карá грубейшая і таўсцейшая; (,) на свежых пнях гадавыя кольцы больш шырокія з поўдня; (,)-мурашнікі заўсёды знаходзяцца з паўднёвага боку дрэва.

Збіраць грыбы зручна з невялікай палачкай: ёю можна, не згінаючыся, падняць ліст ці яловую шышку або адгарнуць павуцінне. Той, хто клапоціцца пра захаванне прыроды, ведае: грыбы лепш за ўсё нізка зразáць. Калі ж здарыцца, што няма нажа, то грыб трэба не вырываць, а акуратна выкруціць, павярнуўшы два-тры разы вакол восі, а ямку засыпаць зямлёй - (,)-гэтага дастаткова, каб грыбніца працягвала расці.

Зразумела, не кожны паход у грыбы заканчваецца багатай здабычай, але гэта, мабыць, не самае галоўнае. (160 слоў)

Паводле календара "Родны край"

 

Частка прыроды

Чалавек - частка прыроды, яе дзіця, і ва ўсёй сваёй дзейнасці ён свядома або міжволі вучыцца ў яе, пераймае яе.

Калі ўважліва прыглядзецца, то ў самых старажытных збудаваннях можна заўважыць штосьці ад прыроды: калоны старажытнагрэчаскіх пабудоў нагадваюць дрэвы, а скляпенні многіх усходніх храмаў падобныя да панцыра чарапахі. Ёсць шмат будынкаў, якія нагадваюць кветкі. Звычайна гэта збудаванні для якіх-небудзь відовішчаў: цыркі, стадыёны, тэатры, купалы якіх зроблены ў выглядзе пялёсткаў. У Італіі ёсць мост даўжынёй больш за кіламетр, і трымаецца ён усяго на дзвюх апорах. Такую трываласць яму забяспечыла форма: мост нагадвае сабой згорнуты ў трубачку лісток пшаніцы або жыта. Італьянскі інжынер Бруна Гірэлі пабудаваў дом, які, як сланечнік, увесь час паварочвае свой фасад у бок сонца.

Архітэктура нашага часу перастала разглядаць гарады як проціпастаўленне прыродзе. Несумненна адно: зямля павінна застацца зялёнай і расквечанай. А для гэтага неабходна, каб людзі, якія будуюць дамы і гарады, былі сябрамі, а не ворагамі прыроды. (150 слоў)

Паводле У. Сверкунова

Першае падарожжа

Калі селі ў цягнік, калі ззаду застаўся Мінск, калі вагон ўжо сцішыўся на начны адпачынак, я, нарэшце, паверыў, што еду ў далёкі чарнаморскі горад Севастопаль. Усе ўжо спалі, а я ўсё стаяў ля вагоннага акна, баючыся прапусціць што-небудзь цікавае...

Я тады спраўляўся ўсё запамінаць: і вялікія гарады, дзе спыняўся цягнік і дзе мы ласаваліся марожаным, і незнаёмыя краявіды. Але наперадзе быў легендарны Севастопаль, было жадана-невядомае Чорнае мора.

Гэта і сапраўды аказалася фантастыкай: блакітна-сонечнае мора, празрыстая вада, у якой відаць нават камяні на дне, чародкі крыклівых чаек, якія спрытна выхопліваюць з вады дробную рыбу.

Мы хадзілі па шматлікіх музеях, гулялі па вуліцах горада, назіралі, як прыгожа і зладжана маршыравалі сапраўдныя маракі. Наведалі і акварыум - вялізны зашклёны падводны дом для рознай марской жыўнасці, пра якую мы чулі толькі на ўроках біялогіі...

Каб не забыцца, вечарам старанна запісваў усё пачутае і ўбачанае, бо трэба ж пра ўсё расказаць дома. (148 слоў)

Паводле А. Бутэвіча

Вяртанне ў родныя мясціны

Гэтай сустрэчы са сваім лесам ён узрадаваўся так, нібы сустрэўся з даўнім сябрам, з якім, развітаўшыся ў маладосці, потым доўга-доўга не бачыўся.

Яшчэ ў аўтобусе, калі яго абыякавы позірк затрымаўся чамусьці на звычайным краявідзе, што прамільгнуў паўз акно, яму неяк нечакана падумалася, што гэты краявід, звычайны для яго, некаму такі родны і жаданы. Тады ён успомніў пра свой лес, вось пра гэтую вузенькую напаўзарослую дарожку, якая, аб'ехаўшы пару сасонак, што выбеглі як не пад самыя колы, хаваецца, нібы ратуючыся ад спёкі, пад густыя і зялёныя шаты дрэў. У гады яго маладосці гэтая дарожка была адзіным уваходам у лес, і ён ведаў тады кожнае дрэва каля яе. Цяпер жа, калі ён разам з дарогаю увайшоў пад шáты, лес, які за гэты час павышэў і пастарэў, здаўся яму чужым: у ім ён не ведаў ні дрэў, ні кустоўя, ні сцежак, якія пратапталіся ўжо без яго... (147 слоў)

Паводле Я. Сіпакова

Старажытная сталіца

Спадчынай беларускага народа з'яўляецца старажытны Наваградак. Некаторыя гісторыкі лічаць, што горад заснаваны яшчэ Яраславам Мудрым - сынам кіеўскага князя Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды. Чатырнаццацігадовай дзяўчынкай дачка полацкага князя Рагнеда была сілком вывезена ў Кіеў, але пазней яна вярнулася на родную зямлю.

Славянскі Наваградак - (,) прыгожы, багаты горад, культура якога была вядома ў далёкіх землях, - (,) быў у добрым суседстве з балтамі. Паступова балты і славяне, жывучы разам, зліліся, перамяшаліся, як бы парадніліся адзін з адным, Тым больш, што паблізу Наваградка знаходзілася Літва - радзіма мужнага племя людзей, якія здаўна памагалі Полацкай зямлі, крывічам-славянам. З цягам часу Наваградскае княства аб'ядналася са старажытнай Літвой. Новую дзяржаву назвалі Вялікім княствам Літоўскім, а Наваградак стаў першай сталіцай княства.

Так склалася, што наша гісторыя чатыры стагоддзі была звязана з Польшчай, Літвой і, вядома, з Расіяй. Перакройваліся нашы межы, мяняліся, але вечна жыў на гэтых землях народ, (-) працавіты, памяркоўны, мужны. Руіны Наваградскага замка гавораць пра яго цяжкую, але гераічную гісторыю. (155 слоў.)

Паводле часопіса ''Вясёлка''

Летнім днём

Алесь ішоў высокім берагам возера. Малюнкі прыроды мяняліся адзін за адным. Толькі што ён захапляўся абрывістым берагам, як раптам дарожка, што ручаінка, пакацілася з узгорка ўніз, і перад вачыма яго раскінулася бязмежная сенажаць, як бы разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба. Сям-там толькі віднеліся на гэтай неабсяжнай роўнядзі асобныя купкі беланогіх бярозак, якія стаялі мясцінамі, бы дзяўчаты ў карагодзе. Зусім на доле дарожку перабягаў невялікі ручай, які цурчэў з-пад маладой алешыны, што ўзнімалася над чаротамі. Вада была такая чыстая, што нават круглыя гладкія каменьчыкі, якія ляжалі на дне ручая, здаваліся белымі карaлямі. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся - і прыемны халадок асвяжыў яго. Пасля падняўся, далоняю выцер губы, абтрос з кашулі празрыстыя кропелькі і адчуў, што прасвятлела ў вачах, нават лягчэй цяпер ступалі ногі... (137 слоў)

Паводле П. Броўкі

Мост ля вёскі

З аднаго боку моста берагі рэчкі крутыя і адрывістыя. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, па сярэдзіне якой у жоўтым наносным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка. Толькі дзесьці на паваротах вада падмывае то адзін, то другі абрыў, вымываючы з зямлі тоўстае карэнне, а час ад часу і цэлыя счарнелыя ствалы алешын, не пражыўшых яшчэ нават паўвека.

Некалі тут стаяў лес. Стаяў ён, відаць, не вельмі даўно, бо і цяпер яшчэ на адным беразе захавалася некалькі па-майстэрску створаных прыродай дубоў, адметных па сваёй вышыні, разнаколерных увосень. Нібы асілкі, зняўшы шапкі, глядзяць яны ўдаль, упарта не жадаючы скарыцца старасці. Цёмна-карычневыя, нібы абпаленыя агнём, лісты на іх палахліва трапечуцца, не ападаючы аж да самай вясны, пакуль не прыходзіць час саступіць месца новым, маладым. На другім беразе захавалася адна сасна, якая стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму камель яе быў так выцерты жывёлай, што блішчэў на сонцы, як наглянцаваны. (155 слоў)

 Паводле І. Шамякіна

Заўсёды прыгожы

Ён прыгожы заўсёды.

І тады, калі, прачнуўшыся ад зімовага сну, светла і ўсхвалявана гамоняць маладым лісцем дрэвы, а зялёна-смарагдавы колер зямлі, аблашчанай сінякрылым ветрам, радуе вока бязмежнаю прагай жыцця.

І тады, калі на лугах клапатліва працуюць пчолы, а кветкі, промні і птушыныя песні яднаюцца ў непаўторную мелодыю жыцця, якая запаўняе сабою ўсё: лугі, палі, лясы.

І тады, калі цішэе ў прасторах, калі на палях па-восеньску пахне ўжо свежаю саломаю і новым зернем, калі пад нагамі шамаціць апалае лісце, а жоўты колер пануе ўжо там, дзе яшчэ нядаўна было так шматколерна, гаманліва, весела.

І тады, калі зямля робіцца белаю-белаю, калі мяцеліцы спяшаюцца як найхутчэй укрыць ад маразоў кожны карэньчык, кожны парастак, калі прамярзаюць у голым суччы птушыныя гнёзды на распранутых дрэвах.

У холад і ў спёку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, летам і зімою - ён заўсёды прыгожы, наш родны, наш любы край. (146 слоў)

Паводле Я. Сіпакова

 

Аноним on 11.12.2009 - 22:08

оТЛІЧНО

Аноним on 11.10.2013 - 19:41

Вітаю)
"перад запісам у частавік"?? Я была ўпэўнена, што запіс робіцца ў сшытак... Сшытак, які змяшчае чЫсты запіс...
Дзякую за ўвагу.)